Перайсьці да зьместу

Крымская АЭС

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам InternetArchiveBot (гутаркі | унёсак) у 11:05, 23 студзеня 2021. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Крымская АЭС
Крымская АЭС
Краіна Украіна
Месцазнаходжаньне паблізу гораду Шчолкіна, Крым
Пачатак будаўніцтва 1975
Пачатак эксплюатацыі ніколі
Заканчэньне эксплюатацыі 1989 (спыненае будаўніцтва)
Эксплюатуючая арганізацыя Rosatom[d]
Тэхнічныя парамэтры
Колькасьць энэргаблёкаў 0
Тып рэактараў ВВЭР-1000/320
Дзейных рэактараў 0
Месцазнаходжаньне
Геаграфічныя каардынаты 45°23′30″ пн. ш. 35°48′13″ у. д. / 45.39167° пн. ш. 35.80361° у. д. / 45.39167; 35.80361Каардынаты: 45°23′30″ пн. ш. 35°48′13″ у. д. / 45.39167° пн. ш. 35.80361° у. д. / 45.39167; 35.80361
Крымская АЭС на мапе Ўкраіны
Крымская АЭС
Крымская АЭС
Крымская АЭС

Крымская атамная электрастанцыя — недабудаваная атамная электрастанцыя, разьмешчаная паблізу гораду Шчолкіна ў Крыму на беразе салёнага Актаскага вадасховішча (возера-ахаладжальнік). Праект станцыі аднатыпны зь дзеючай Балакоўскай АЭС, недаведзенай да праектнай магутнасьці Хмяльніцкай АЭС, Растоўскай АЭС і АЭС Тэмелін. Крымская АЭС у высокай ступені гатоўнасьці была закінутая пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (гатоўнасьць першага энэргаблёку — 80 %, другога — 18 %).

Гісторыя будаўніцтва

Першыя праектныя працы былі праведзеныя ў 1968 годзе. Будаўніцтва пачата ў 1975 годзе. Станцыя павінна была забясьпечыць электраэнэргіяй усю Крымскую паўвыспу, а таксама стварыць задатак для далейшага разьвіцьця прамысловасьці рэгіёну — мэталюргічнай, машынабудаўнічай, хімічнай. Праектная магутнасьць 2000 МВт (2 энэргаблёкі) з магчымасьцю далейшага павелічэньня да 4000 МВт: тыпавы праект прадугледжвае разьмяшчэньне на пляцоўцы станцыі 4 энэргаблёкаў з рэактарамі ВВЭР-1000/320.

У лістападзе 1980 году будаўніцтва абвешчана рэспубліканскім ударным камсамольскім, а 26 студзеня 1984 году — усесаюзным ударным[1]. Пасьля будаўніцтва гораду-спадарожніка Шчолкіна, насыпу вадасховішча і дапаможных гаспадарак, з 1982 году пачалося ўзьвядзеньне непасрэдна самой станцыі. Ад керчанскай галіны чыгункі была пракладзена часовая лінія, і ў разгар будаўніцтва па ёй прыходзіла па два эшалёны будаўнічых матэрыялаў у суткі[2]. У цэлым будаўніцтва йшло без істотных адхіленьняў ад графіку з заплянаваным пускам першага рэактара ў 1989 годзе.

У рэактарным будынку першага блёку ўжо быў пастаўлены і ўсталяваны на праектнае месца ўнікальны палярны кран.

Вонкавыя выявы
Першы блёк АЭС з палярным кранам
Палярны кран - выгляд з пабудовы
Гэрмаабалёнка рэактара і палярны кран

З дапамогай гэтага крана павінны былі зьдзяйсьняцца далейшыя пад’ёмна-транспартныя і будаўніча-мантажныя апэрацыі ўнутры рэактарнага аддзяленьня:

Неспрыяльная эканамічная сытуацыя ў краіне і катастрофа на чацьвёртым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году прывялі да таго, што да 1987 году будаўніцтва было спачатку прыпыненае, а ў 1989 годзе — прынятае канчатковае рашэньне адмовіцца ад пуску станцыі. Да гэтага моманту на будаўніцтва АЭС было затрачана 500 млн рублёў. Станцыю пачалі паступова расьцягваць на чорны і каляровы мэталалом.

Ёсьць сьведчаньне[3], што ў пачатку 90-х гадоў праводзіліся вышукі, мэтай якіх было «падагнаць» дадатковае геалягічнае абгрунтаваньне пад закрыцьцё Крымскай АЭС. Зрэшты, і гэта было толькі фармальнай нагодай — да канца 80-х гадоў сытуацыя ў эканоміцы СССР пагоршылася настолькі, што былі згорнуты амаль усе буйныя будаўніцтвы, як у энэргетыцы, так і ў прамысловасьці, транспарце, горадабудаўніцтве.

Падзеі, якія адбываліся пасьля прыпынку будаўнічых прац

Замарожаная будаўнічая пляцоўка Крымскай АЭС у 1999 годзе. У цяперашні час большасьць паказаных тут канструкцый і будаўнічай тэхнікі ўжо дэмантаваны.

З 1995 году па 1999 год у машзале (турбіннага аддзяленьня) праводзіліся дыскатэкі фэстывалю «Рэспубліка KaZaнтып». Рэкляма абвяшчала: «Атамная вечарына ў рэактары».

У 1998—2000 гадох створанае на базе АЭС даччынае прадпрыемства «Ўсходне-Крымская энэргетычная кампанія» рэалізавала маёмасьці станцыі на 2,204 млн грывен. Да 1 лютага 2003 году на балянсе ДП «Усходне-Крымская энэргетычная кампанія» застаўся толькі спэцкорпус, блёк майстэрняў, рэактарнае аддзяленьне і аліва-дызэльная гаспадарка.

У верасьні 2003 году Фонд маёмасьці прадаў унікальны дацкі кран «Kroll» K-10000, усталяваны для мантажу ядзернага рэактара, за 310 тысячаў грыўняў пры першапачатковым кошце ў 440 тысячаў грыўняў[4]. Да яго дэмантажу высотны кран выкарыстоўваўся для бэйсджампінгу. Скачкі зьдзяйсьняліся зь ніжняй (80 м) і верхняй (120 м) стрэлаў крана. У цяперашні час такі ж кран «Kroll» задзейнічаны на будаўніцтве 4-га энэргаблёку Хмяльніцкай АЭС у горадзе Няцешын, раней кранамі гэтага тыпу ўзводзіліся карпусы Запароскай АЭС і Паўднёва-Ўкраінскай АЭС (знаходзіцца на тэрыторыі станцыі ў разабраным стане)[5].

У 2004 годзе Кабінэт міністраў Украіны перадаў Крымскую АЭС з загадваньня Міністэрства паліва і энэргетыкі Савету міністраў Крыма. Далей Саўмін Крыма павінен быў прадаць атрыманую маёмасьць АЭС, а грошы павінны былі пайсьці на рашэньне сацыяльных і эканамічных праблемаў Ленінскага раёну Крыма, і ў прыватнасьці г. Шчолкіна.

Вонкавыя выявы
На Крымскай АЭС
На будаўніцтве Запароскай АЭС
Там жа, ноччу.

Пасьля гэтага павінны былі распрадавацца астатнія часткі Крымскай АЭС: рэактарнае аддзяленьне, блёчная помпавая станцыя, корпус майстэрняў, ахаладжальнік на Актаскім вадасховішчы, плятына Актаскага вадасховішча, канал з вадапрыёмным рэзэрвуарам, масла-дызэльная гаспадарка станцыі, дызель-генэратарная станцыя. Далей, вядома, што ў пачатку 2005 году Прадстаўніцтва Фонду маёмасьці Крыма рэалізавала рэактарнае адьдзяленьне Крымскай АЭС за 1,1 млн грн ($207,000) юрыдычнай асобе, назва якой не распаўсюджваецца.

Існуе сьведчаньне, што рэактар ВВЭР-1000, так і неўсталяваны ў падрыхтаванае для яго памяшканьне, быў парэзаны на лом у 2005 годзе.

АЭС здымалася ў мностве фільмаў, зь якіх самым вядомым стаў «Населеная выспа» Ф. Бандарчука[6].

Ядзернае паліва не завозілася, радыяцыйнай небясьпекі не існуе.

Пэрспэктывы выкарыстаньня пляцоўкі АЭС і разьвіцьцё гораду-спадарожніка

У 2006 годзе тэрыторыя былой АЭС выбрана як адно з магчымых месцаў стварэньня пілётнага праекту прамысловага парку. У 2008 пачатыя падрыхтоўчыя працы па рэалізацыі праекту прамыловага парку «Шчолкінскі індустрыяльны парк», гарадзкі савет Шчолкіна перадаў у маёмасьць «Шчолкінскаму індустрыяльнаму парку» частку аб’ектаў, якія знаходзяцца на дадзеным зямельным участку.

Інфармацыя аб энэргаблёках

Энэргаблёк Тып рэактараў Магутнасьць Пачатак
будаўніцтва
Падключэньне да сеткі Увод у эксплюатацыю Закрыцьцё
Чысты Брута
Крым-1[7] ВВЭР-1000/320 950 МВт 1000 МВт 01.12.1982 Будаўніцтва спынена 01.01.1989
Крым-2[8] ВВЭР-1000/320 950 МВт 1000 МВт 1983 год Будаўніцтва спынена 01.01.1989
Крым-3[9] ВВЭР-1000/320 950 МВт 1000 МВт Будаўніцтва не пачыналася
Крым-4[10] ВВЭР-1000/320 950 МВт 1000 МВт Будаўніцтва не пачыналася

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Крымская АЭСсховішча мультымэдыйных матэрыялаў